• Галоўная
  • English
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Дадаць навіну
  • Рассылка




  • Анатоль Старкоў: я быў беларусам-паўфабрыкатам.

    – Беларусам я стаў у 21 год, калі прызваўся з Мінску, дзе нарадзіўся, у Савецкую Армію пасля тэхнікуму і пары месяцаў вячэрняга БПІ. 1972 год. Служыў у Грузіі, у Тбілісі. Быў звычайным савецкім чалавекам — часткай сям’і братэрскіх савецкіх народаў.

    З прыблізна 170 прызыўнікоў з Беларусі, якія трапілі служыць на Каўказ, мяне аднаго прывезлі ў гэтую вайсковую частку, і першыя два тыдня я і два грузіны, Лексо і Цімур — такія ж самыя салагі-прызыўнікі, хадзілі разам і чакалі, калі прыбудзе ўвесь наш восеньскі прызыў. Гэтыя два тыдні я вучыў іх рускай мове, а яны мяне грузінскай. А калі прыбыў увесь наш прызыў, то мы сталі адзін у аднаго цікавіцца: “Адкуль ты?”

    Мяне таксама спыталі. Гэта былі два рускія хлопцы з Кіева, якія, як і я, дагэтуль вучыліся вечарам у інстытуце. “Из Минска, из Белоруссии”, — вымавіў я. “А-а-а, ты из нацменов!” — пачуў адказ салдат-аднагодкаў, які суправаджаўся гучным смехам. Я не зразумеў, пра што гаворка, і перапытаў: “Кто это НАЦМЕНЫ?” — “Национальные меньшинства”, — адказалі хлопцы.

    У адну хвіліну я з савецкага чалавека адчуў сябе беларусам і ніколі болей у сваім жыцці па нацыянальным пытанні не даваў спуску, памятаючы тую размову 1972 году, бо тады праслужыў два гады адзіным салдатам з Беларусі, адзіным яе абаронцам.

    * * *

    У 2000-м мая дачка выйграла “Грын-кард” і пераехала ў ЗША. Ад 2003 году жывем з жонкай таксама ў ЗША, у Нью-Ёрку. Але гэта не іміграцыя — гэта вольнае жыццё на чужыне праз нежаданне жыць у сучаснай няволі на радзіме. Таму пакуль застаюся грамадзянінам Беларусі. Што будзе далей, не ведаю: пажывем — пабачым. ЗША — краіна чужая, але дыхаецца тут вальней, чым зараз дома на Беларусі, дзе я не быў ужо 6 год. Але жонка і дачка некалькі разоў былі.

    Сярод беларусаў быць беларусам цяжка, бо мы — беларусы — неаб’яднальныя, кожны сам па сабе, а не разам для адной “аб’яднальнай” мэты. А вось роднай мовай, як гэта ні дзіўна, я пачаў карыстацца тут, у Нью-Ёрку, бо калісьці на мне, на маім пакаленні менчукоў, скончылася гэтая навука ў школе, і я не вывучаў беларускай мовы. У тэхнікуме мы, такія вось “невукі”, прысутнічалі на занятках па мове, але ў нас не пыталіся і ставілі нам залік. Толькі тут, калі мне спатрэбілася рабіць адзін сайт, я пачаў карыстацца мовай, бо малады хлопец-праграмер з Мінску пісаў мне па-беларуску, і я крыху-паціху стаў яму адказваць на “сваёй” беларускай мове. Потым стаў часцей карыстацца слоўнікам “Белазар”, і зараз (ужо некалькі год) пішу па-беларуску. Думаю збольшага таксама па-беларуску, але размаўляць не магу — блытаюся і вяртаюся да рускай мовы, калі размаўляю з беларусамі.

    Севярын Квяткоўскі

    budzma.org


    Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.