(Фота) Пікет каля АНН у падтрымку Аўтуховіча.
18 чэрвеня ў 13.00 каля будынку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прайшоў пікет Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы і Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча. Ваўкавыскі прадпрымальнік трымае галадоўку з 16 красавіка.
Не гледзячы на праліўны дождж, быў складзены зварот да прадстаўнікоў беларускіх уладаў.
Пасьля гэтага былі абраныя дэлегаты для перадачы звароту прадстаўнікам кансуляту Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку. Дэлегаты Марына Давідзюк, Аляксандра Макарук і Натальля Брылеўская перадалі зварот 22 чэрвеня ў панядзелак.
Марына Давідзюк: Каля месяца таму прадстаўнікі беларускай апазыцыі паабяцалі зрабіць усё мажлівае для вызваленьня Міколы Аўтуховіча. З таго часу нічога не зьмянілася. Сябры ЗБМА і БАЗА вырашылі звярнуцца да прадстаўнікоў беларускіх уладаў з патрабаваньнем аб вызваленьні Аўтуховіча, які можа памерці ў вязніцы. У выпадку, калі беларускія ўлады праігнаруюць нашыя патрабаваньні, мы будзем пікетаваць эўрапейскія прадстаўніцтвы ў ЗША. Мы будзем патрабаваць, каб Эўропа ўключала пытаньне аб пальтвязьнях у кожныя перамовы з Лукашэнкам.
Прадстаўнікам беларускай амбасады
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне
Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы
ЗВАРОТ
Мы, прадстаўнікі беларускіх эмігранцкіх арганізацыяў у Амэрыцы, патрабуем неадкладна вызваліць ''вязьняў сумленьня'': Мікалая Аўтуховіча, Валерыя Леонава, Уладзіміра Асіпенка. У выніку надуманых абвінавачваньняў, яны кінуты за краты без суда і сьледзтва, дзе знаходзяцца зь лютага месяца. Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту з 16 красавіка 2009 году абвясьціў галадоўку і галадуе па сёньня 63 дзень. Ягонае жыцьцё ў небясьпецы.
Патрабуем тэрмінова давесьці нашыя запатрабаваньні да парлямэнту і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Мы будзем сачыць за разьвіцьцём падзеяў і, калі нічога ня будзе зроблена для ўратаваньня жыцьця спадара Мікалая Аўтуховіча, пакідаем за сабой права пікетаваць беларускія і эўрапейскія прадстаўніцтвы ў Амэрыцы, каб прыцягнуць увагу сусьветнай супольнасьці да гэтай праблемы.
18 чэрвеня 2009г.
Старшыня нью-ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка
Сакратар нью-ёрскага аддзелу БАЗА Валянціна Якімовіч
Старшыня ЗБМА Мікола Цімашэнка
Радны РАА ''Перспэктыва'' Вячаслаў Кухачук
Радная ЗБМА Натальля Брылеўская
Радная ЗБМА Марына Давыдзюк
Радная ЗБМА Аляксандра Макарук
Старшыня службы бясьпекі БАЗА Віктар Едзіновіч
Прэсслужба ЗБМА
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.
|