• Галоўная
  • English
  • Пра нас
  • Пра БАЗа
  • Відэа
  • Фотаздымкі
  • Форум
  • Гасьцёўня
  • Спасылкі
  • Кантакт
  • Нашы банэры
  • Дадаць навіну
  • Рассылка




  • 60 ГОД БАЗА: ЯК ЖЫЦЬ, ТАК ЖЫЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСІ...

    У нядзелю, 18-га кастрычніка, у Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне, штат Нью-Ёрк, адбылося сьвяткаваньне, прысвечанае 60-м угодкам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА).

    Падзея – важная, бо шэсць дзесяцігодьдзяў – гэта не малы срок, да і зроблена арганізацыяй за гэты час было шмат (гл. сьпіс важных вехаў з гісторыі арганізацыі ніжэй). У грамадскай залі Сабора па такой прычыне сабралося каля 90 чалавек, пераважна беларусаў, але былі і госьці – украінцы, палякі, амэрыканцы. Урачыстасьці склалі некалькі частак: сьвяточны абед, афіцыйныя выступы, канцэрт ды нават падарожжа на караблі вакол Манхэтану для жадаючых.

    Спачатку адбылася сьвяточная трапеза, асвечаная Япіскапам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Ўладыкай Сьвятаславам. Потым пачаліся ўспаміны, выступы, афіцыйныя прывітаньні. Слова бралі былыя старшыні БАЗА А. Шукелойць, Я. Запруднік, цяперашні – В. Станкевіч, старшыня моладзевай філіі БАЗА (ЗБМА) М. Цімашэнка, прадстаўнікі аддзелаў ды гурткоў.

    Наступным пунктам праграмы быў канцэрт, у якім узялі ўдзел выступоўцы з Нью-Ёрку (трыо беларускіх жанчын), Нью-Джэрзі (С. Сокалаў-Воюш), маленькія дзеткі, а таксама запрошаныя з Беларусі адмыслова на 60-ыя ўгодкі БАЗА музыкі Тацьцяна Матафонава і Зьміцер Сідаровіч. Тацьцяна захапіла ўсіх сваім пранікнёным голасам, а бард Зьміцер сыграў некалькіх сваіх уласных песен. Таксама яны змабілізавалі прысутных на зажыгальны беларускі танец ды дуэтам сыгралі на скрыпцы і дудзе папуры з вядомых беларускіх песень.

    Сымбалічна, што на сьвяткаваньні ў Нью-Ёрку прысутнічалі музыкі непасрэдна з Беларусі. Негледзячы на тое, што БАЗА знаходзіцца ў ЗША і працуе на ўзмацненьне беларускай дыяспары тут, натуральным бенефецыянтам дзейнасці арганізацыі была, ёсць ды, спадзяемся, будзе ўласна Беларусь. І таму – Жыве Беларусь!

    Ільля Куніцкі

    --------------------------------------

    Важныя даты ў жыцьці Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў грамадскай, рэлігійнай, культурнай ды палітычнай дзейнасьці:

    1949 – Заснаваньне БАЗА на 325 Е 100 St у Нью-Ёрку.
    1950 – Першы нумар газэты “Беларус” пабачыў сьвет у Нью-Ёрку.
    1951 – Заснаваньне Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА) ў Кліўлендзе.
    1951-1954 – Слуханьні ў Кангрэсе, якія паспрыялі заснаваньню Радыё “Свабода”.
    1952 – Першая Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі на Ніагары (летась прайшла 28-я чарговая Сустрэча).
    1957 – Набыцьцё Беларускага Рэлігійна-Грамадскага Цэнтру з Саборам Св. Кірылы Тураўскага на 401 Atlantic Ave. у Брукліне.
    1959 – Першы нумар квартальніка “Беларуская Моладзь”.
    - Пачатак адзначэньня Тыдня Паняволеных Народаў.
    - Набыцьцё магільніка ў Іст Браўнсвіку.
    1960 – Пабудова царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе.
    1963 – Адчынены адпачынкавы цэнтр “Belair-Miensk” у штаце Нью-Ёрк.
    1964 – Набыцьцё Царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд Парку.
    - Выступленьні ў мастацкай праграме на New York World’s Fair.
    1965 – Набыцьцё аб’екту на Грамадска-Культурны Цэнтар “Полацак” каля Кліўленду.
    1976-79 – Удзел у Беларускіх Днях у Garden State Arts Center у Нью-Джэрзі.
    1977 – Першая кружэлка Даньчыка і яго выступы на Беласточчыне (1981) і ў БССР (1989).
    1977-78 – Масавая акцыя каля ААН за Дэкалянізацыю Савецкага Саюзу.
    1982 – Выступленьні ў абарону беларускага дысідэнта Міхала Кукабакі.
    - Абарона перад абвінавачаньнямі праграмы 60 Minutes, якая была зроблена на падставе кнігі Лофтуса “Belarus Secret”.
    1989 – Першы нумар англамоўнага квартальніка “Belarusian Review”.
    - Выступы танцавальнага гуртка Васілёк на Беласточчыне (1989) і ў БССР (1990).
    1990 – Заснаваньне Кааліцыі ў Абарону Дэмакратыі і Правоў Чалавека ў Беларусі і першыя пасылкі медыкаментаў ахвярам Чарнобылю.
    1999 – Адзначэньне 50-годьдзя БАЗА ў Нью-Ёрку.


    Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.