У нядзелю, 25 сакавіка 2007 году ў грамадзкай залі пры Саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася ўрачыстая акадэмія, банкет і канцэрт, прысьвечаныя 89-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Напачатку сьвяткаваньня прагучэў амэрыканскі гімн, які выканала спч. Вольга Казак, і які стаў сымболем удзячнасьці нашай грамады краіне, якая дала мажлівасьць вольна і шырака сьвяткаваць свае нацыянальныя сьвяты, мець сваю царкву, выдаваць свае газэты — чаго, нажаль, сёньня пазбаўленыя нашыя суродзічы на Бацькаўшчыне.
Акадэмію адчыніў кароткай прамовай старшыня Нью Ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка. Ён прывітаў прысутных і павіншаваў іх з найвялікшым нацыянальным сьвятам, заклікаў да салідарнасьці і ўзаемнай падтрымкі ды перадаў слова вядучым імпрэзы — Гражыне Залеўскай і Міколе Цімашэнку. Быў зачытаны Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спн. Івонкі Сурвіллы. Старшыня Галоўнай управы сп. Антон Шукелойць, прысутны на імпрэзе і заяўлены ў праграме, ня змог выступіць дзеля стану здароўя. Затым перад прысутнымі выступіў з прывітаньнем старшыня аддзелу БАЗА ў штаце Нью Джэрзі сп. Юрка Азарка. Ён распавёў пра неабходнасьць салідарнасьці й падтрымкі змагароў, што сёньня вядуць у Беларусі барацьбу супраць рэжыму. Сп. Азарка прачытаў Праклямацыю ад губэрнатара штату Нью Джэрзі Джона Карзайна пра абвешчаньне 25 сакавіка 2007 году Днём беларускай незалежнасьці ў Нью Джэрзі.
Затым перад прысутнымі выступіў старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк. Ён адзначыў, што за апошнія сто гадоў дзьве даты ўскалыхнулі й пазначылі беларускую гісторыю - абвешчаньне назалежнасьці 25 сакавіка 1918 году, і адраджэньне незалежнасьці 25 жніўня 1991 году, калі незалежнасьць аднавілася, але не была асягнутая беларуская ўлада. І вось ужо 16 год тлее нацыянальна-вызвольная рэвалюцыя. На першы плян цяпер выходзіць, акрамя змаганьня, барацьба супраць “непрадрашэнства”, маўляў, перш скінем Лукашэнку, а там будзе час і для мовы з культурай. Канцэпцыя адраджэньня арганічна ўлучае ў сябе поруч са змаганьнем адраджэньне і вяртаньне беларускай культуры і мовы. Праз асьвету, інфармаванасьць, праз узаемадапамогу і паяднаньне гэтыя мэты будуць асягнутыя. “Ідэалы БНР хай нам сьвецяць!”
Затым спн. Тацьцяна Кулакевіч агучыла Праклямацыю ад мэра гораду Нью Ёрку Майкла Блумбэрга, якая была атрыманая дзякуючы захадам Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА, Моладзь БАЗА) і асабіста сп. Андрэю Чыжу.
Затым перад прысутнымі з рэфэратам “Акт 25 Сакавіка і будучыня Беларусі” выступіў дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (БІНіМ) др. Вітаўт Кіпель. Ён у прыватнасьці адзначыў, што традыцыя сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці БНР у ЗША бярэ пачатак ад 1921 году, калі ў Нью Ёрку адбылося першае сьвяткаваньне, у якім узяў удзел Язэп Варонка. Потым сьвяткаваньні арганізоўваліся з дапамогай Янкі Чарапука, Я. Варонкі й а. Тарасэвіча. Палітычная і нацыянальная праца ў ЗША ў тыя часы рабілася людзямі, якія прайшлі праз структуры БНР, бралі ўдзел у яе дзейнасьці. Затым др. Кіпель зрабіў кароткі экскурс у гісторыю Беларусі апошніх 200 гадоў і адзначыў, што ў гэты час Беларусь зьяўлялася намінальна не краінай, а тэрыторыяй, на якой панавалі чужынцы. Нават цяпер прага свайго, імкненьне да нацыянальных каранёў успрымаюцца рэжымам Лукашэнкі як экстрэмізм, нацыянальнаму руху імкнуцца паставіць кляймо “фашызму”. Ад Расейскай імпэрыі й СССР сёньня справа перайшла да “Саюзу дзяржаваў” Беларусі й Расеі, але захавалася тая самая расейская імпэрская сутнасьць. Супрацьстаяць ёй менавіта ідэалы Акту 25 Сакавіка 1918 году, і беларуская дыяспара заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць гэтыя ідэалы, бо ў іх гарантыя вольнай будучыні для нашай Бацькаўшчыны.
Затым усе прысутныя прынялі Рэзалюцыю, у якой засьведчылі адданасьць ідэалам Акту 25 Сакавіка, заявілі пра небясьпеку страты беларускай незалежнасьці, асудзілі палітыку рэжыму Лукашэнкі й адзначылі, што павага да беларускай мовы і культуры, актыўнае карыстаньне імі ёсьць падставаю для найпаўнейшага ажыцьцяўленьня дэмакратычных свабодаў і правоў у Беларусі. Была выказаная салідарнасьць са змагарамі за вольную і дэмакратычную Бацькаўшчыну.
Урачыстая акадэмія скончылася сьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Падчас акадэміі ў выкананьні Валянціны Пархоменка і Алеся Казака прагучалі “О Беларусь, мая шыпшына”, “Пагоня” і “Магутны Божа” . Спн. Валя Якімовіч прачытала верш у прозе Сяргея Палуяна “Хрыстос уваскрос!”. Былі зачытаныя прывітаньні ад беларускіх арганізацыяў у вольным сьвеце і зь Беларусі.
Затым прайшоў банкет, пасьля якога адбыўся канцэрт беларускіх песьняў і музыкі ў цудоўным выкананьні Валянціны Пархоменкі, Алеся Казака, Вольгі Казак.
За падрыхтоўку залі й банкету шчырая падзяка была выказаная спн. Тацьцяне Красоўскай і спн. Ліне Сагановіч, а таксама ўсім сябрам БАЗА і парафіяльнай рады Сабору, якія спрычыніліся да падрыхтоўкі імпрэзы. Праграма сьвяткаваньня была аформленая спн. Алай Орса-Романо.
Па словах прысутных, узровень падрыхтоўкі й прабег імпрэзы былі найлепшымі.
Віталь ЗАЙКА.
www.bielarus.org
|